Як адбывалася паломніцтва з Баранавічаў, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Кожны год католікі Берасцейшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі праходзяць сотні кіламетраў, каб памаліцца да Бога перад цудатворным абразом Маці Божай Лагішынскай. Яны ідуць двума рознымі шляхамі – з Баранавічаў і Бярозы. Сёлета паломніцтвы адбываліся з 4 па 7 жніўня. Мы далучыліся да пілігрымкі з Баранавічаў, якая ў гэтым годзе адправілася ў Лагішын ужо ў 30-ы раз. Такім чынам, паломніцтва было юбілейным.

Увесь шлях пілігрымкі склаў 120 кіламетраў. У ім удзельнічала ў асноўным моладзь, але былі прадстаўнікі сярэдняга і сталага ўзросту, а таксама дзеці. Самаму малодшаму пілігрыму было 9 гадоў, а самаму старэйшаму – 78. Усяго ў Баранавіцкай пілігрымцы ў Лагішын прыбыла 150 паломнікаў.

Духоўна суправаджалі пілігрымаў каталіцкія святары: кс. Віталій Меснікевіч, кс. Андрэй Рылка, айцец Леанард Адушкевіч OSPPE і кс. Вячаслаў Пялінак. А таксама сёстры законныя – Наталля і Вераніка.
Дарога пілігрымаў праходзіла праз гарады Ляхавічы і Ганцавічы, і праз шматлікія аграгарадкі і вёскі. Сярод іх: Літва, Дарава, Русінавічы, Мядзведзічы, Куршынавічы, Новыя Буды, Любашава, Хатынічы і іншыя.

Дзень 1-ы. Сустрэчы з караваямі і лясная дарога
Я далучылася да пілігрымкі на другі дзень, калі паломнікі прыйшлі ў вёску Мядзведзічы, Ляхавіцкага раёна. Тут я іх сустрэла разам з пробашчам парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла, ксяндзом Леанардам Акалатовічам і іншымі вернікамі.
Пасля прывітання і акраплення пілігрымаў асвечанай вадой адбылася святая Імша.

Калі набажэнства скончылася, удзельнікі паломніцтва адправіліся да дома святара (плябаніі), дзе іх ужо чакалі салодкія пачастункі ад мясцовых вернікаў. Падсілкаваўшыся, пілігрымы вырушылі ў шлях.

Другі дзень паломніцтва і мой першы дзень пілігрымкі традыцыйна быў вельмі яскравым і каларытным: пілігрымаў сустракалі з караваямі жыхары вёсак Куршынавічы і Новыя Буды. Гэта выклікала шмат пазітыўных эмоцый і ўзрушыла ў маёй душы штосьці сваё, глыбіннае, беларускае…

Асабіста для мяне яскрава гэта адчувалася ў пачатку вёскі Куршынавічы, дзе пілігрымаў сустракалі з караваем каля мясцовай Кальварыі (трох крыжоў). Гэта дадавала яшчэ большы сімвалізм у прывітанне паломнікаў, бо ў ім перапляталіся хрысціянскія матывы і беларускія традыцыі.

Пасля смачнага абеду пілігрымы вырушылі ў шлях. Па дарозе завіталі ў капліцу Божай Міласэрнасці ў Куршынавічах, дзе крыху памаліліся і пайшлі далей.
Увогуле, на працягу ўсіх дзён паломніцтва пілігрымы маліліся ў сваіх асабістых інтэнцыях, а таксама ў інтэнцыях, якія дасылалі іншыя вернікі ў Інстаграм, або прасілі асабіста аб малітве. Таксама кожны дзень для паломнікаў праводзілася святая Імша і духоўная канферэнцыя. А яшчэ ша працягу ўсяго шляху можна было паспавядацца ў канцы калоны.

Ну і як жа без хрысціянскіх спеваў? Яны гучалі ў дарозе амаль бесперапынна (дзякуй за гэта нашым музыкам).

У вёсцы Новыя Буды, каля прыдарожнага крыжа, нас зноў сустрэлі з караваем (якая ж цудоўная традыцыя!).
Памаліўшыся разам і адпачыўшы на прывале, мы зноў вырушылі ў дарогу.

Шлях да Ганцавічаў праходзіў у асноўным праз лес, таму не было вельмі спякотна, і дарога пераадольвалася без асаблівых цяжкасцяў. Прынамсі, для мяне.


У Ганцавічах пілігрымаў прывітаў мясцовы пробашч, кс. Ян Саламон, разам з вернікамі парафіі. Традыцыйна мы падаравалі святару прэзент – набор пілігрыма.

Пасля акраплення асвечанай вадой мы зайшлі ў святыню і крыху памаліліся.

А затым пілігрымаў разабралі на начлег мясцовыя жыхары.
Дзень 2-гі. Невыносная спякота
Наступны дзень быў самым цяжкім у паломніцтве, таму што тэмпература паветра пад вечар дасягала +36 градусаў. У такіх умовах не тое, што ісці, а проста быць на вуліцы было цяжка і небяспечна. І я баялася, што магу не дайсці…

Але ў пілігрымцы працавалі медыкі і заўсёды можна было пад’ехаць на бусіку, які суправаджаў пілігрымаў. Або ўвогуле адразу адправіцца на месца начлегу і там чакаць астатніх. І многія карысталіся такой магчымасцю. Дзякуй Богу, мне гэта не спатрэбілася…
Каб неяк уратавацца ад спякоты, мы стараліся выконваць рэкамендацыі медыкаў: ўвесь час пілі шмат вады, абавязкова апраналі галаўныя ўборы, выкарыстоўвалі SPF і спыняліся на прывалы ў цені дрэваў.
Дадатковым “выратавальным колам” было марозіва, якім арганізатары пілігрымкі пачаставалі ўсіх паломнікаў.


У Ганцавічах многія пілігрымы пакінулі паломніцтва, бо адчувалі сябе дрэнна. І тут 0 % асуджэння і 100% разумення. Ды і ніхто з арганізатараў нічога не казаў на гэты конт. Кожны пілігрым быў вольны ў сваім выбары – прайсці столькі, колькі сам захоча і зможа…
Шлях пілігрымаў у гэты дзень праходзіў праз вёскі Хатынічы і Яловая. А начавалі мы ў вёсцы Бобрык, у спартыўнай зале мясцовай школы.

Шлях хоць і быў вельмі цяжкі і спякотны, але насычаны малітвамі, спевамі, размовамі і добрым настроем, таму што ў асноўным мы стараліся падтрымліваць адно аднаго, каб, усё ж, дайсці да мэты…
Самым цяжкім адрэзкам шляху для многіх пілігрымаў стала вёска Хатынічы, таму што прыйшлося ісці на адкрытым сонцы каля 4,5 км (працягласць вёскі з поўначы на поўдзень).
Але і гэты адрэзак шляху мы пераадолелі. А далей быў смачны абед і адпачынак у цені дрэваў.

Праз некалькі кіламетраў невыноснай спёкі і стомленасці мы нарэшце дабраліся да месца начлегу, дзе нас чакала смачная вячэра, халодны душ і любімыя спальнікі…
Дзень 3-ці. Прыход у Лагішын
Раніцай апошняга дня паломніцтва распачаўся моцны дождж. Мы крыху яго перачакалі, а затым, апрануўшы дажджавікі, вырушылі ў дарогу.

Ісці было значна лягчэй, таму што спякота спала. Але я ў пэўны момант адчула сябе дрэнна (мабыць, вынік учарашняга дня). Дзякуй Богу, хутка быў прывал, і пасля адпачынку я зноў была ў форме.
У апошні дзень паломніцтва асабліва запомніўся Крыжовы шлях, падчас якога пілігрымы разважалі над значэннем пакут і індывідуальных крыжоў, якія кожны з нас нясе па жыцці. Аддаючы іх Езусу, мы неслі бярозавы крыж, як знак таго, што далучаемся да мукі Хрыста.

Крыж змаглі пранесці ўсе пілігрымы – дзеці, моладзь, дарослыя, святары і сёстры законныя…
Гэта быў асаблівы момант пакаяння і суцішэння.

А ў канцы шляху крыж традыцыйна ўсталявалі на абочыне дарогі. Затым кожны пілігрым мог яго ўшанаваць.

Пасля гэтага адбылася “Гара прабачэння і падзякі”. Мы маглі падыйсці адно да аднаго і папрасіць прабачэння ці падзякаваць за шлях пілігрымкі – праз абдымкі і добрыя словы. Але доўга спыняцца не было калі, таму мы пакрочылі далей.

Праз некалькі кіламетраў нас чакаў пачастунак ад пробашча санктуарыя ў Лагішыне, ксяндза Андрэя Шута. Святар прывёз для паломнікаў традыцыйныя булачкі і салодкія газаваныя напоі.
Пасля пасілку і невялікага адпачынку адбыўся традыцыйны момант падзякі ўсім арганізатарам і ўдзельнікам пілігрымкі – за працу і служэнне на гэтым шляху. Ну і як жа без калектыўнага фотаздымка. Зрабіўшы яго, мы накіраваліся ў Лагішын.

Увайшоўчы ў вёску, мы віталі мясцовых жыхароў спевамі і традыцыйнай крычалкай.
І вось, праз пару кіламетраў, мы, нарэшце, дайшлі да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, дзе гучна спявалі і віталі ўсіх мясцовых жыхароў. А пробашч парафіі, кс. Андрэй Шут, павітаў нас, акрапіў асвечанай вадой і запрасіў у санктуарый.

Настаў момант малітвы перад абразом Маці Божай. Той момант, дзеля якога і быў здзейснены ўвесь гэты шлях. У цішыні мы папрасілі Маці Божую аб апецы над намі і нашымі блізкімі і прадставілі ёй усе нашыя просьбы.

Пасля малітвы мы забралі свае рэчы і адправіліся на месцы начлегу – хтосьці да мясцовых жыхароў, а хтосьці – у школу, дзе можна было пераначаваць у спартыўнай зале на карыматах.
А вечарам адбылася ўрачыстая святая Імша для пілігрымаў на палявым алтары каля санктуарыя. На набажэнства сабраліся не толькі пешыя паломнікі, але і тыя, хто прыбыў у санктуарый на аўтамабілі, грамадскім транспарце, у складзе аўтобуснай пілігрымкі…

Пасля набажэнства ўсе прысутный прайшлі ва ўрачыстай працэсіі вакол касцёла ў Лагішыне – з копіяй абраза Маці Божай Лагішынскай і запаленымі свечкамі.



Самыя трывалыя пілігрымы і госці Фэсту пасля працэсіі наведалі яшчэ і канцэрт каталіцкага гурта Step Project, пад кіраўніцтвам ксяндза Аляксандра Канановіча. Ён адбываўся ў Лагішынскім доме культуры. Музыкі выканалі хрысціянскія кампазіцыі розных гадоў стварэння.



Завяршыўся фэст у Лагішыне ранішняй Імшой, якая адбылася 8 жніўня.



Даведка:
Цудадзейны абраз Маці Божай, Каралевы Палесся – абраз Багародзіцы, які стаў вядомым у Лагішыне падчас Паўночнай вайны (1700-1721 гадоў). Адзін з афіцэраў, які вёз з сабою гэты абраз, забыўся яго ў мясцовага старасты. У выніку – ікона так і засталася ў Лагішыне. Абраз заняслі ў касцёл, а ў хуткім часе ён праславіўся шматлікімі цудамі.
У пачатку 1990-х выяву Багародзіцы адрэстаўравалі. Шмат намаганняў для гэтага прыклаў кардынал Казімір Свёнтэк.

10 мая 1997 года абраз Маці Божай Лагішынскай каранавалі папскімі каронамі, якія пасвяціў і перадаў у Лагішын Святы Ян Павел ІІ. У той жа дзень касцёл у Лагішыне набыў статус санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся, а Маці Божую Лагішынскую абвясцілі апякункай Пінскай Дыяцэзіі.
Кожны год у санктуарый Маці Божай Лагішынскай прыходзяць сотні пілігрымаў. У маі адбываецца аднадзённая пілігрымка з Пінска, а ў жніўні – паломніцтвы з Баранавічаў і Бярозы, якія працягваюцца 4 дні. А калі жнівеньскія пілігрымкі заканчваюцца, адбываецца Фэст Каралевы Палесся.




Аўтар і фота: Марына Валасар